РЭПРАДУКЦЫ́ЙНЫЯ ПРАЦЭ́СЫ,
тэхналагічныя працэсы ўзнаўлення паліграф. сродкамі выяўл. выдавецкага арыгінала або твора выяўл. мастацтва. Уключаюць выраб фотаформ і друкарскіх форм, друкаванне тыражу, часам аддзелку адбіткаў (рэпрадукцыі).
У пачатку кнігадрукавання выяўл. матэрыялы ўзнаўляліся з дапамогай гравюры, літаграфіі, пазней — рэпрадукцыйных фотаапаратаў (атрыманне негатываў), кантактна-капіравальных станкоў (для дыяпазітываў), электрагравіравальных апаратаў (гравіраванне друкарскіх форм высокага і глыбокага друку) і інш. (гл. Формныя працэсы). У залежнасці ад віду арыгінала выбіраецца спосаб узнаўлення: для тонавых чорна-белых арыгіналаў — растрыраванне, для каляровых — растрыраванне, колерадзяленне і колеракарэкціраванне, а таксама спосаб друкавання: высокі, афсетны і глыбокі (гл. Шматкаляровы друк), часам фотатыпія. Рэпрадукцыі друкуюць на ліставых друкарскіх машынах на асобных аркушах паперы павышанай гладкасці (каландраванай, мелаванай) фарбамі павышанай вязкасці. Для рэпрадукцый палепшанага тыпу ўжываюць лакіраванне і грэніраванне адбіткаў.
Літ.:
Синяков Н.И. Технология изготовления фотомеханических печатных форм. 2 изд. М., 1974;
Полянский Н.Н. Основы полиграфического производства. 2 изд. М., 1991.
У.М.Сацута.
т. 14, с. 20
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)